Выведзена ў 1921—48 на конных з-дах Растоўскай вобл. скрыжаваннем кабыл данской і часткова чарнаморскай парод з чыстакроўнымі верхавымі жарабцамі. У Расіі і Казахстане выкарыстоўваюць для верхавой язды, на лёгкіх трансп. і верхавых работах, для паляпшэння пагалоўя рабочых коней; на Беларусі — у конным спорце.
Коні буйныя, склад цела гарманічны, выш. ў карку 162—166 см, галава прапарцыянальная з прамым профілем, шыя доўгая прамая, спіна кароткая прамая, канечнасці сухія моцныя. Масць рыжая, часам бурая ці гнядая. Вызначаецца высокімі спарт. якасцямі: рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,4 с.